НО́СЬБІТ ІНФАРМА́ЦЫІ,

матэрыяльны сродак для запісу, назапашвання, захоўвання і ўзнаўлення інфармацыі, а таксама абмену ёю паміж людзьмі або машынамі. Інфармацыя запісваецца шляхам змен фіз., хім. ці мех. уласцівасцей запамінальнага асяроддзя. Выкарыстоўваецца ў сістэмах гука- і відэазапісу, аўтам. апрацоўкі інфармацыі, інфармацыйна-пошукавых сістэмах і інш.

Асн. паказчыкі: габарытныя памеры, шчыльнасць запісу, часавыя характарыстыкі (працягласць запісу, счытвання і пошуку інфармацыі) і інш. Бываюць з неперарыўным (магн. стужкі, аптычныя і магн. дыскі і інш.) і дыскрэтным (ферытавыя стрыжні і кольцы, перфакарты і інш.) асяроддзем запісу, адна- (аднаразовы запіс інфармацыі і мнагакратнае счытванне) і шматразовыя (мнагакратныя запіс і сціранне інфармацыі на адных і тых жа ўчастках асяроддзя). Адрозніваюць таксама чалавекаарыентаваныя (напр., папяровыя носьбіты рукапіснай, друкаванай і выяўл. інфармацыі) і машынаарыентаваныя Н.і., якія дазваляюць непасрэдна ўводзіць інфармацыю ў ЭВМ, выліч. сістэмы і інш. Праблемай беспапяровай інфарматыкі з’яўляецца наданне юрыд. сілы машынным Н.і.

На Беларусі прававыя асновы (у т.л. аўтарскія правы) выкарыстання электронных дакументаў на машынных Н.і. рэгламентуюцца законам «Аб электронным дакуменце» (2000).

М.П.Савік.

т. 11, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)